Крыніцы, жыта, лес і неба,
І многа, вельмі многа сонца!
Баравікі пад колер хлеба
І павуціна на сасонцы.
А часам грукат навальніцы –
Усё наўкол шуміць і плача.
Узоры піша бліскавіца,
Гарохам дождж
Па стрэхах скача!
І каляровая вясёлка
Успыхне раптам над ракою,
І – луг зялёны ля пасёлка,
І дзед з бліскучаю касою.
…Перад вачмі ўсплывае гэта –
Ці ява ўсё, ці толькі сніцца?
Плыве рамонкавае лета,
Я прыпадаю да крыніцы…
Янусь Малец
Першага верасня да гімназістаў з 8-х класаў завітаў паэт Янусь Малец. Трапяткое і палымянае беларускае слова гучала ў зале. З цеплынёй і зацікаўленасцю ўспрымалі яго гімназісты.
5 верасня мы выбіралі актыў класа. Кожны вучань выбраў даручэнне па сваім гусце.
Віншаванні паважаным настаўнікам і жартам і сур’ёзна пісалі-стараліся вучні нашага класа. Святочная газета, прысвечаная Дню настаўніка, атрымалася з гумарам.
1 кастрычніка наш клас прыняў удзел у агульнагіназічным спартыўным свяце, прысвечаным сусветнаму Дню турызма. Мы занялі ІІІ месца ў творчым конкурсе.
6 кастрычніка вучні нашага класа мелі магчымасць паслухаць змястоўную лекцыю, якую падрыхтавлі супрацоўнікі музея прыроды і экалогіі.
Як правільна і прыгожа гаварыць па-беларуску? Якія адметныя рысы мае беларускі сінтаксіс? Якіх славутых землякоў мы ведаем? Адказы на гэтыя пытанні з задавальненнем рыхтуюць гімназісты і паведамляюць пра гэта на ўроку.
17 кастрычніка адбылася алімпіяда па беларускай мове з удзелам 8-х і 9-х класаў. 8 “ІТ-6” клас прадстаўлялі Паўлавец Юліанна і Худалей Анастасія.
22 кастрычніка вучні 8 класаў наладзілі экскурсію ў Ліду, Ракаў, наведалі музей пчалярства ў вёсцы Барок. Гімназістаў вельмі ўразіў сваёй веліччу і прыгажосцю Лідскі замак, кранулі чуллівыя вясковыя краявіды Ракава, яны з вялікай цікавасцю паслухалі аповед аб працавітых і руплівых пчолках, паспыталі гарачай гарбаты і бліноў з мёдам на сядзібе пчаляра.
Прызёрам гімназічных алімпіяд па матэматыцы (ІІ месца), біялогіі ( І месца), інфарматыцы( І месца) стаў Ждановіч Павел. Мы вельмі рады з гэтай нагоды.
5 лістапада малюнкі вучняў 8”ІТ6” класа сталі яркімі краскамі ў агульным вянку, які з любоўю быў звіты ў гонар 130-гадовага юбілея Максіма Багдановіча. Конкурс, у якім бралі ўдзел нашы гімназісты, меў назву “У вянок Багдановічу”.
Кветкам утульна круглы год. Іх даглядае кветкавод! Чарговая акцыя “Чысты і ўтульны клас” прайшла 22 лістапада.
29 лістапада мы вельмі ўтульна пачувалі сябе ў бібліятэцы. А сабраліся з нагоды абмеркаваць прачытаны твор. Прадметам дыскусіі стала апавяданне Раісы Баравіковай “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”.
29-30 лістапада, 1 снежня. Мы былі надта руплівыя, мы вельмі стараліся. Дзяжурылі выдатна, у нас усё атрымалася!
Клас нібы дзіва, клас нібы казка! Завітайце да нас, калі ласка! Ужо 3 снежня мы падрыхтавалі свой клас да сустрэчы Новага года.
Будзь, гаспадар здароў, як рыжык бароў!
Май торбу грошай – жыві ў раскошы!
Рыхтуемся з імпэтам да святкавання Калядаў! 15 снежня адбылася чарговая рэпетыцыя.
20 снежня чарговы раз мы сустрэліся ў бібліятэцы №16, каб абмеркаваць прачытаны твор. Гэтым разам нас цікавіла праблема выбару ў жыцці чалавека, а чыталі мы апавяданне Анатоля Зэкава “Трэці”.
Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць!
Дзе Каза нагой, там жыта – капой!
У каго Каза бывае, таго шчасце не мінае!
25 снежня з Калядамі і добрымі зычэннямі завітвалі да сваіх настаўнікаў і вучняў гімназісты 8“ІТ6”класа.
29 снежня. Гімназічны лагер пад час зімовых канікулаў сабраў вучняў, якія маюць цікавасць да камп’ютарных праграм і гульняў.
30 снежня вучні 8 “ІТ6” класа наважыліся павіншаваць Самуйлава Аляксандра Фёдаравіча, ветэрана і нашага добрага сябра, з надыходзячым Новым годам. Нажаль, цяпер ён знаходзіцца ў бальніцы. Мы падпісалі яму паштоўку, і жадаем як найхутчэй ачуняць.